Юрый Аляксандравіч нарадзіўся ў заходняй частцы краіны, але волей лёсу па размеркаванні разам з жонкай быў накіраваны ў Барань дзе працаваў настаўнікам. Праз некаторы час ён быў прызначаны дырэктарам адной з Бараньскіх школаў і разам з жонкай ствараў у Барані школьныя музеі. Для Барані Юрый Аляксандравіч быў легендарным настаўнікам. І ня толькі настаўнікам. У першай палове 90-х ён узначаліў пасаду старшыні бараньскага савету дэпутатаў - па-сутнасці, быў мэрам. Менавіта ў яго час у гарадку адбылася частковая дэкамунізацыя - перайменаваныя вуліцы ў гонар беларускіх герояў.
Пасля сыходу з пасады мэра, Юрый Аляксандравіч вярнуўся на дырэктарскую пасаду ў школу, а паралельна заняўся культурніцкай асветніцкай дзейнасцю, узначаліў Аршанскую арганізацыю Таварыства беларускай мовы, якую і ўзначальваў да сёняшняга дня. У 2019 годзе гэтая арганізацыя атрымала грамадскую прэмію як найбольш актыўнае грамадскае аб'яднанне рэгіёну. За гэтую прэмію па ініцыятыве Нагорнага быў абноўлены помнік паўстанцам Каліноўскага ў Пагосцішчы і часткова прафінансаваны першы вандроўны фестываль імя Караткевіча.