Актыўна вядуцца работы па ўнутранай і вонкавай аддзелцы 40-кватэрнага дома ў Коханаве. 2 сакавіка намеснік старшыні райвыканкама Арэх І.В. паведаміў нам, што здаць дом разлічваюць у гэтым месяцы. 3 сакавіка мы наведалі аб’ект і пераканаліся, што гэта сапраўды рэальна, калі толькі надвор’е не стане перашкодаю для добраўпарадкавання тэрыторыі.
У кватэрах, якія здаюцца з аддзелкаю, паклеены шпалеры, пакладзена падлога, устаноўлена сантэхніка, завезены газавыя пліты. У доме незвычайная (ці правільней будзе сказаць непрывычная, новая для нас) сістэма ацяплення: вада падведзена да батарэй сіліконавымі шлангамі, якія ляжаць пад падлогаю. Дзякуючы гэтаму пакоі выглядаюць больш зручна і ўтульна, іх інтэр’ер не псуюць трубы ад столі да падлогі.
Акрамя таго, як паведамілі нам прарабы Аляксандр Смірноў і Аляксандр Драчыкаў, такая сістэма больш надзейная, даўгавечная і энергаэфектыўная:
— Жалезная труба заўсёды са швом, а шлангі суцэльныя, таму вытрымліваюць большы ціск. Шлангі не ржавеюць, іх прапускная здольнасць з цягам часу не змяншаецца, у адрозненне ад жалезных труб, у якіх з гадамі звужаецца прасвет. І з абслугоўванем сістэмы ніякіх цяжкасцей не ўзнікне, тут усё элементарна, усё мацуецца на муфтах, на разьбе.
Падобную тэхналогію ПМК-266 выкарыстоўвае ўжо не першы год, але для нашага раёна яна, напэўна, яшчэ незнаёмая. Аддзелка фасада ў дзень нашага візіту вялася з усіх ба-коў дома, працавала некалькі машын з вышкамі. Крыху падкінула лішніх клопатаў вясна: з надыходам плюсавых тэмператур раскісла зямля, давялося месцамі на тэрыторыі будоўлі пакласці сцежкі з цэглы і дошак.
— Будынак да канца месяца зробім, а тэрыторыю — як дазволіць надвор’е, — паведамілі нашы субяседнікі.
Крыніца сайт газеты "Наша Талачыншчына"