Амаль паўтарагадовая эпапея з рамонтам маста скончана. 8 траўня рух на мосце адноўлены, праўда, не для ўсіх. Грамадскі транспарт - аўтобусы і маршрутныя таксі - некаторы час яшчэ паездзяць праз вуліцу Скарыны. Таксама, як і да рамонта, праз мост забаронены рух грузавікоў і транспарту цяжэй за 20 тонаў.
Мост быў зачынены для рамонту 21 лістапада 2013 года пасля шматразовых скаргаў грамадзянаў. Тады канструкцыя развальвалася літаральна на вачах і стваралася небяспека жыццю жыхароў. Першымі забілі трывогу сябры аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянкая дэмакратыя - яны збіралі подпісы, звярталіся ў адпаведныя інстанцыі, але на ўсе лісты атрымлівалі адказ, што грошай на рамонт няма. Пазней справай маста заняліся і кампанія "Гавары праўду" і Партыя БНФ. Дайшло да таго, што шэраг дэмакратычных арганізацый падалі заяўку на правядзенне пікета з патрабаваннем распачаць рамонт. Літаральна праз некалькі дзён пасля падачы заяўкі, якая, канешне, не была задаволена райвыканкамам, горад наведаў губернатар вобласці (на той момант Касінец), які і загадаў перакрыць мост, а з абласнога бюджэту выдзеліў першыя сродкі на правядзенне рамонтных работаў.