Аляксандар працуе ў падраздзяленні беларускай чыгункі якое займаецца высечкай і высадкай дрэваў уздоўж чыгуначнага палатна. Тыдзень таму, паваліўшы чарговае дрэва, ў яго галінках Аляксандар пачуў жаласлівы піск - на зямлі пішчаў маленечкі камок пуха. Інтэрнэт падказаў - гэта птушаня зязюлі. Хаця многія лічаць зязюлю шкоднай птушкай з-за таго што яна падкідвае сваіх птушанят у чужыя гнёзды, а тыя забіваюць "прыёмных братоў", малое так жаласліва пішчала, што Аляксандар вырашыў выратаваць птушку.
Вось ужо тыдзень птушаня, якога назвалі Патрык, жыве ў хаце свайго выратавальніка. За тыдзень Патрык навучыўся хадзіць (да тае пары толькі сядзеў), значна вырас, замест пуха ў яго пачалі з'яўляцца паўнавартасныя пер'і, паступова вырастае хвост. Калі першыя дні птушка жыла толькі ў двух рэжымах - прасіў есці або спаў, то цяпер ён асмялеў і не рэдка вылазіць з каробкі, каб прагуляцца па хаце. Патрык адрознівае чалавечыя галасы і калі Аляксандар вяртаецца з прыцы, птушка выскоквае з каробкі, каб ісці насустрач выратавальніку.
Жыццё не з сабе падобнымі, а з чалавекам прымушае птушку сталець раней. Аляксандар час ад часу падківае птушаня, каб той трэніраваўся лётаць - у дзікай прыродзе зязюлі пачынаюць лётаць пазней. Да таго ж, каб прагуляцца па падлозе, а не сядзець у імправізаваным гнядзе на лядоўні, Патрыку і самому даводзіцца злятаць і махаць крыламі. Паступова Патрык вучыцца і самастойна есці - у прыродзе зязюлі доўга эксплуатуюць прыёмных бацькоў і, нават, калі пачынаюць есці самі, то ўсё адно яшчэ доўга прымаюць ежу з дзюбаў старэйшых. Але Патрык ужо спрабуе самастойна дзёўбаць ягады - белую маліну і белую земляніку - хаця атрымліваецца гэта кепска і каб накарміць гаспадару даводзіцца класці ежу птушаню ў дзюбку. Акрамя чарвякоў, камароў з мухамі і вусеняў, Патрык нармальна есць амаль усё што яму даюць: маленькія макароны, хлеб, печыва, ягады, смаўжоў ды інш. Адзінае што птушцы зусім не спадабалася - сланечнікавыя семкі. Калі яго паспрабавалі карміць купленымі смажанымі семкамі, то Патрык даверліва з'еў іх, але праз некалькі хвілін адрыгнуў ды выплюнуў усе семкі, пры гэтым, пакінуўшы ў зобе астатнюю ежу.
Пражыванне з дзікай птушкай дае не толькі радасць, але і праблемы: Патрыка не магчыма прывучыць да прыбіральні і пасля яго прагулак па дому, даводзіцца прыбіраць. Каб меньш займацца прыборкай дома, Аляксандар выгульвае Патрыка ў двары - птушка давярае выратавальніку і спакойна сядзіць у яго на плячах, руках, гуляе па зямлі не адыходзячы далёка ад гаспадара. І не рэдка пасля ежы засынае ў далонях Аляксандра дзе яму цёпла і ўтульна. Другая праблема - птушкі прачынаюцца рана і з узыходам сонца Патрык пачынае пішчаць - просіць есці, хаця гаспадар яшчэ б з задавальненнем паспаў.
Хаця за тыдзень Аляксандар і Патрык моцна прывязаліся адзін да аднаго, рабіць з яго хатнюю жывёлу гаспадар не збіраецца. Праз некалькі тыдняў Патрык навучыцца паўнавартасна лётаць і трымаць яго ў хаце гвалтоўна не плануецца - дзікая птушка павінна жыць у дзікай прыродзе, але калі дарослая зязюля захоча застацца са сваім выратавальнікам, то і выганяць з хаты яго таксама не будуць.
Дарэчы, у прыродзе зязюля падкідвае яйкі менавіта ў тую птушыную сям'ю ў якой вырасла сама.
А тое што зязюля шкодная - кепскі стэрэатып. Дарослая птушка з'ядае больш насякомых-шкоднікаў чым тыя каго яна выкідае з гнязда сваіх прыёмных бацькоў. А некаторых шкоднікаў увогуле паядае толькі зязюля.