Два жыхары Шклова 1984 і 1996 года нараджэння падазраюцца ў тым, што яны арганізавалі продаж наркотыкаў праз інтэрнэт. Спачатку ў 30-гадовага выхавацеля адной з навучальных устаноў Шклова знайшлі 100 цыдулак з пазнакай адрасоў закладак спайсаў у Барані і Балбасаве.
У гэтых месцах сапраўды апынуліся псіхатропныя рэчывы - расфасаваныя ў пакецікі ад 0,9 да 1,5 грамаў. Неўзабаве мужчына і 18-гадовы навучэнец мясцовага ліцэя былі затрыманыя, ім прад'яўлена абвіначвачанне па артыкуле 328 частцы 3 Крымінальнага кодэкса Беларусі: незаконная з мэтай збыту купля, захаванне, перавозка псіхатропных рэчываў, здзейсненыя групаў асобаў, асобай, раней здзейсніўшай злачынства, прадугледжанае артыкулам 328.
Следчыя ўсталявалі, што юнак паклаў 5 мільёнаў рублёў на электронны гаманец свайго змоўшчыка, на гэтыя грошы быў закуплены рэагент для наступнай вытворчасці спайсаў. Затым юнак расфасаваў па дозах амаль 140 грамаў спайсаў і зрабіў закладкі ў пэўных месцах. Старэйшы ж тым часам шукаў пакупнікоў праз інтэрнэт. Паводле ягоных словаў, ён паспеў прадаць толькі 3 закладкі да свайго затрымання.
Абвінавачваемым пагражаюць ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.