На выходных ў Оршы затрымалі грамадзянку В'етнама, якая мае беларускі від на жыхарства, за парушэнне парадку правядзення валютных аперацыяў. Пры затрыманні ў яе знойдзена 65 тысяч расійскіх рублёў. "Работнікі" так званага "В'етнам-банка" рэдка становіцца аб'ектам затрыманняў, хаця ўжо каторы год займаюцца ў Оршы нелегальным абменам валюты.
Акрамя таго, зводка абласнога упраўлення ўнутраных справаў паведамляе яшчэ пра шэраг здарэнняў у нашым рэгіёне. На мінулым тыдні невядомы праз незачыненыя брамы забраўся ў гараж работніцы "Юбілейнага" і скраў адтуль электраінструмант, металічныя дзверы, 90 літраў сродку для апрацоўкі дрэва ды іншую дробязь на суму 17.800.000 рублёў.
На яшчэ большую суму разжыўся злачынца, які з прыпынку грамадскага транспарту скраў пакінутую торбу. У торбе знаходзілася 1000 еўра, пасцельная бялізна, вопратка, парфума, сродкі асабістай гігіены ды спіртныя напоі. Агулам скрадзенае ацэнена ў 27.800.000 рублёў. У здзяйсненні крадзяжу падазраецца мужчына 1959 года нараджэння.
У суседніх з Аршанскім раёнах злачынцы атрымлівалі меньшыя выгоды. Так, у Талачынскім раёне невядомы падабраў ключ да падвала мясцовага жыхара і скраў перфаратар коштам у 2.000.000 рублёў.
А ў Багушэўску Сененскага раёну невядомы ў пенсіянеркі, сарваўшы навесны замок у яе жылым доме, скраў харчы і тэлевізійную прыстаўку на агульную суму 670 тысяч рублёў.