- Нядаўна стала вядома пра стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі. Чым выклікана яе стварэнне і чаму менавіта ў такім фармаце?
- Кааліцыя створана 4 месяцы таму мы ўжо маем поспехі - адзіны спіс кандыдатаў на выбарчую кампанію і маем агульнае пасланне да выбаршчыкаў. А нядаўна мы стварылі яшчэ адну - больш шырокую пляцоўку - нарада дэмакратычных арганізацый - у яго ўвайшло каля 15 структур.
Правацэнтрысцкая кааліцыя - гэта на сёння Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду» і аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Акрамя таго, у нас ёсць планы ўзаемадзеяння з БНФ і некаторымі іншымі структурамі.
- Вы сказалі, што ёсць адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў ад усёй кааліцыі?
- Так, сёння ў нас ёсць узгоднены спіс па 93 акругах. Мы гатовыя былі закрыць усе 110 акругаў, але вырашылі не выстаўляць сваіх людзей на акругі, дзе будуць вылучацца незалежныя кандыдаты, блізкія па сваіх поглядах да правацэнтрысцкіх кааліцыі, а таксама на тыя, дзе будуць вылучацца лідэры БНФ.
- Як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і яе перспектывы на бліжэйшы час?
- Эканамічная сітуацыя вельмі складаная. Толькі за 2015 год валавы ўнутраны прадукт Беларусі паменшыўся амаль на 23 млр. даляраў, з 77 да 54. Гэта значыць, што ўсе мы істотна збяднелі, акрамя хіба што чыноўнікаў. Афіцыйная статыстыка сведчыць, што больш чым у палове раёнаў Беларусі афіцыйная зарплата менш, чым на 200 даляраў. Гэта катастрофа. Цэны пры гэтым не зменшыліся, а наадварот выраслі. І няма адчування, што бачныя нейкія змены да лепшага.
Замест рэформаў ўлады пачалі заціскаць гайкі, паднялі планку пенсіённага ўзросту. Гэта не вырашае ніводнай праблемы. На 2015 год планироваля рост інвестыцый на 90%, а атрымалася падзенне на 7%. Затое растуць даўгі. На сённяшні дзень кожны беларус павінен 4030 долараў. Усё гэта кажа пра поўны правал палітыцы ўладаў і нашы прапановы, у прыватнасці праграма «Мільён працоўных месцаў» - гэта тое, з чым можна ісці да людзей.
- Калі рэформаў праводзіцца не будзе, як сітуацыя будзе мяняцца?
- На сённяшні дзень не відаць ніякіх прыкмет ад улады волі на правядзенне рэформаў. Улада будзе і далей ўзмацняць сілавы блок, толькі іх гэтая пенсійная рэформа не кранула. Бюджэт будзе уціскаць, але для сілавікоў заўсёды знойдуцца сродкі. Кантроль будзе ўзмацняцца. Другое, на што будзе рабіць стаўку ўлада - жаданне атрымаць крэдыты - незалежна ад Захаду і Усходу, МВФ ці Расіі. Гэтыя грошы пойдуць на тое, каб расплаціцца па старых крэдытах.