"Апошні званок" — важная падзея ў жыцці кожнага, хто сканчае школу. Сёлета ў Оршы на свята "апошняга званка" запланаваныя ўрачыстасці ў Лядовай арэне, з канцэртам вядомага DJ і іншымі забавамі. Усё было б няблага, калі б вучняў туды запрашалі па добрай волі, аднак арганізатары свята пайшлі па старадаўняй "завядзёнцы", пачаўшы ціск на дырэктароў школ, настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Уваход яшчэ і платны — 90 тысяч рублёў, прычым есці ў гэтыя пяць гадзін вучні будуць за свой рахунак, а гэта дадатковыя траты грошай. Мерапрыемства запланавана на час з 17:00 да 22:00, і толькі пасля яго бацькі могуць забраць сваіх дзяцей дамоў.
Гэтым прымусам адразу "забіваюцца два зайцы" — ўлады робяць справаздачу пра праведзеныя культурныя мерапрыемствы для выпускнікоў школ, а Лядовая арэна выконвае план платных паслуг, паляпшае невысокія паказчыкі самаакупляльнасці (напрыклад, з класа ў 10 вучняў ужо атрымліваюцца 900 тысяч рублёў, а класы звычайна большыя па колькасці чалавек і да таго ж гэта выпускныя класы з усіх школ Оршы). Неблагая ідэя, праўда?
Толькі вось падобнае мерапрыемства аказалася непатрэбным і нецікавым многім вучням, якія на такі важны для сябе дзень мелі іншыя планы. Многім выпускнікам і іхным бацькам не падабаецца, што вучняў не проста "зганяюць" на мерапрыемства ў Лядовую арэну, але яшчэ і збіраюць за гэта па 90 тысяч рублёў.
"Каб быць самастойнай асобай, малады чалавек сам павінен вырашыць, ісці яму ў Лядовую арэну на канцэрт ці правесці гэты дзень па-іншаму. Калі ж толькі рабіць тое, што прымушаюць рабіць, тады з гэтага чалавека не вырасце годнага грамадзяніна, а будзе толькі паслухмяны робат" — сказаў адзін з бацькоў у размове з карэспандэнтам сайту orsha.eu.