12-га жніўня за 2 км ад вёскі Сяглава аўтобус, які ехаў па маршруце Орша - Стахоўка з'ехаў на збочыну дарогі і перакуліўся. Многія пасажыры атрымалі траўмы і неўзабаве звярнуліся па медычную дапамогу. Чацвёра былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Праз паўтара тыдні пасля здарэння ўсе, хто быў шпіталізаваны, былі выпісаныя з палат.
Як удалося высветліць, аварыя здарылася з-за таго, што кіроўца пасажырскага аўтобуса заснуў за стырном. Як паведаміла сайту orsha.eu крыніца, блізкая да аўтапарку, якому належыць аўтобус, дадзены кіроўца перапрацоўваў норму па гадзінах. Таксама стала вядома, што кіроўца сталага веку ўжо засынаў за стырном і да таго выпадку, але ў папярэднія разы транспарт ратавала ад аварый пільнасць пасажыраў. Паведамленні кіраўніцтву аўтапарка пра праблему сэнсу, відаць, не мелі, раз кіроўца зноў і зноў выходзіў на працу. Гэта здаралася ў тым ліку і з-за дэфіцыту кадраў на прадпрыемстве - з-за невысокіх заробкаў жадаючых працаваць на такой службе няшмат.