Намеснік начальніка аддзела продажаў аднаго з прадпрыемстваў атрымаў ад двух чалавек хабар - усяго больш за 2400 долараў ЗША, 60 000 расійскіх рублёў і 1000 беларускіх. Гэтыя грошы ён браў за садзейнічанне інтарэсам іх фірмаў на сваім прадпрыемстве. За гэта ён апынуўся на лаве падсудных. Разам з ім - адзін з тых, хто даваў хабар. Другога да адказнасці не прыцягнулі - крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў спынены.
І хабарнік, і той, хто даваў хабар, прызналі віну і раскаяліся. Каб загладзіць віну, яны зрабілі добраахвотнае ахвяраванне. Хабарнік таксама вярнуў атрыманыя грошы.
Той, хто даваў хабар, быў аштрафаваны на 600 базавых велічынь, гэта 25200 рублёў.
Хабарніку прыйдзецца правесці 3 гады і 6 месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму і заплаціць штраф у 300 базавых велічынь — гэта 12600 рублёў. Таксама яму забаронена займаць кіраўнічыя пасады на 5 гадоў. У яго - малалетняе дзіця, што стала змякчальнай акалічнасцю, якая паўплывала на прысуд.
Крыніцы Orsha.eu паведамляюць, што, хутчэй за ўсё, размова ідзе пра Мікалая Варабьёва, замначальніка аддзела продажаў (імаверна, Аршанскага льнокамбіната), і прадпрымальніка Дзмітрыя Зіміна.