Увядзенне новых грошай пасля дэнамінацыі адбылося ў Беларусі ў ліпені. Фальшываманетчыкам хапіла трох месяцаў, каб вырабіць дастатковую колькасць фальшывых купюраў. З розных месцаў краіны прыходзяць паведамленні пра выкрыццё асоб, якія падрабляюць грашовыя знакі Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь. Дабраліся разнастайныя махлярствы з грашыма і да Оршы.
За апошнія дні ў Оршы зафіксавана адразу некалькі выпадкаў хаджэння несапраўдных і нават чужаземных грошай. Спачатку зламыснікі купілі ў пенсіянеркі мех на 5 кілаграмаў бульбы і расплаціліся фальшывай 10-рублёвай купюрай.
Некаторым аршанцам у маршрутных таксі ў якасці рэшты разам з беларускімі манетамі давалі расейскія манеты, напрыклад, адна з іх знешне падобна да новай манеты Беларусі ў 1 рубель. Акрамя таго, у жыхара Оршы канфіскавана фальшывая купюра ў 5000 рублёў РФ.
Органы ўнутраных спраў просяць грамадзян быць уважлівымі да грошай і неадкладна паведамляць пра факты падробкі грашовых знакаў.