У Беларусі, нягледзячы на чаканні праваабаронцаў, пакуль так і не скасавалі закон пра "дармаедаў". Дэкрэт № 3 з афіцыйнай назвай ”О предупреждении социального иждивенчества“ быў падпісаны прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. У ім было вызначана, што плацельшчыкам збору на "дармаедства" прызнаецца працаздольны грамадзянін, які ў каляндарны год адпрацаваў меней за 183 дні. Нясплата альбо няпоўная плата збору караецца штрафам ад 2 да 4 базавых велічыняў альбо адміністратыўным арыштам.
Натуральна, выхад такога закона выклікаў шмат абурэння ў беларусаў. Паўтарэнне палітыкі Савецкага Саюза не спадабалася амаль нікому. Цяпер аршанцам з Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах прысылаюць лісты з патрабаваннем заплаціць падатак, а судовыя выканаўцы пачалі апісваць маёмасць грамадзян, прычым, як удалося высветліць нашаму сайту, у некалькіх выпадках апісвалі нават працоўныя інструменты, што недапушчальна. Дасылаюцца лісты і людзям, якія даўно знаходзяцца на заробках у суседніх краінах, і ў Беларусі пастаянна не жывуць. А ў цэлым у Беларусі ўжо сустрэліся выпадкі, калі лісты пра сплату падатка прыходзілі людзям, якіх ужо некалькі гадоў няма на свеце.
Зрэшты, цяжкасці не заўсёды палохаюць чалавека — шмат хто з аршанцаў не збіраецца плаціць падатак і здавацца. Закон цяпер пераглядае і сама дзяржава. Шэраг людзей ужо звярнуліся да юрыстаў і будуць абскарджваць прадпісанні ў судах.