Мадэрнізацыя айчыннай тэлефаніі становіцца адчувальнай праблемай для жыхароў Оршы. Пераход на сістэму IMS (мультымедыйная падсістэма на аснове пратакола Internet) вымагае ўсталявання новых мадэмаў. Для "разгрузкі" людзей пракладка новага валакна была размеркавана на розны час па розных раёнах. Напрыклад, на рэмзаводзе, у мікрараёнах 1 і 2, частцы раёну ільнокамбіната IMS-мадэмы з'явіліся раней, у некаторыя раёны горада сістэма толькі яшчэ праводзіцца.
Новая сістэма недасканалая. Хаця б з адной прычыны - мадэм, праз які працуе і тэлефон, і інтэрнэт, працуе ад электрасеткі, адпаведна, адключэнне электраэнергіі вядзе за сабой адключэнне стацыянарнага тэлефона. Раней хатнія тэлефоны працавалі ад асобнай тэлефоннай сеткі, цяпер камунікацыі аналагавай тэлефаніі замененыя. Акрамя таго, не ўсе IAD-мадэмы працуюць належным чынам з першых дзён, здараецца, што іх даводзіцца замяняць. Таксама нараканні новая сістэма атрымлівае і з-за інтэрнэта.
"Белтэлекам" выкарыстоўвае два варыянты падлучэння: IMS over ADSL (праз існуючую тэлефонную лінію абанента) і IMS over GPON (праз аптычнае валакно ў кватэры абанента). Падлучэнне праз ADSL пазбаўляе магчымасці выкарыстоўваць паслугі іншага інтэрнэт-правайдэра, акрамя манапаліста "Белтэлекама", бо два ADSL-мадэмы на адну лінію не падключаюцца. Другі варыянт падлучэння таксама не пакідае абаненту інтэрнэта выбару, паслугі якога правайдэра выкарыстоўваць. Затое на ім можна развіць хуткасць злучэння да 100 Мбіт/с.
Пакуль жа аршанцы сутыкнуліся са старой праблемай - чэргамі. На атрыманне новых мадэмаў у сэрвісным цэнтры "Белтэлекам" па адрасе г.Орша, вул.Леніна, 46, штодня збіраюцца вялікія чэргі. Гараджане праводзяць у іх па некалькі гадзінаў, афармленне доўжыцца не так і хутка. Адміністрацыі сэрвіснага цэнтру прыходзіць шмат скаргаў, людзі незадаволеныя тым, што вымушаныя траціць шмат часу ў чаканні.