У лютым сацыяльная напруга ў рэгіёне працягвалася - супрацьстаянне прадпрымальнікаў і ўладаў не спынялася да канца месяца. Толькі ў апошнія дні лютага на рынак пачалі вяртацца гандляры. У гэтым жа месяцы ўпершыню за доўгія гады ў Оршы адбылася забастоўка рабочых - на некалькі гадзін спынілі сваю працу работнікі прадпрыемства "Элект". Супрацьстаянне рабочых з наймальнікам у выглядзе скаргаў і перапісак ішло яшчэ на працягу ўсёй першай паловы года.
Менавіта ў лютым распачалося сур'ёзнае супрацьстаянне паміж Бабініцкім сельскім выканкамам і старэйшынам вёскі Стаўры Ігарам Грышанавым. Грышанаў пабудаваў для вяскоўцаў павець, каб людзі маглі, хаваючыся ад дажджу, чакаць аўталаўку. Выканкам жа абвінаваціў старэйшыну ў тым, што той захапіў зямлю пад павеццю. Той суд Грышанаў выйграў, але на працягу года сельвыканкам узяў "рэванш".
Найбольш навінаў у тым месяцы прынес спорт. У Оршы прайшоў міжнародны шахматны турнір, нашыя спартсмэнкі па хакею на траве занялі другое месца ў рэспубліцы, А футбольны клуб атрымаў новага трэнера і абяццанне павялічыць бюджэт.
Наш сайт на пачатку года зладзіў серыю грамадскіх кольных сталоў. У лютым нават кольны стол быў прысвечаны тэме спорта.