Красавік для аршанцаў стаў месяцам адкрыццяў і пачаткаў. На турыстычнай базе "Орша" адкрыўся новы атракцыён "вяровачны гарадок", адкрылася новае прадпрыемства, якое пачало выпускаць шумаізаляцыйныя пліты, адкрываліся новыя крамы.
ФК "Орша" паспяхова адкрыў новы гульнявы сезон, згуляўшы ў нічыю з адным з мацнейшых супернікаў сваёй лігі - ФК "Гомель". Грамадскія эколагі распачалі сезон прыборак: першымі "не вытрымалі" хлопцы з "Ананімнай экалагічнай ініцыятывы". Праўда, тады яны так яшчэ не называліся - напачатку гэта было некалькі сяброў, неабыякавых да чысціні прыроды. А потым з'явілася і назва, і канцэпцыя, і ініцыятыва стала даволі хутка расці. Гэта была першая, але не апошняя прыборка. Ужо ў тым жа месяцы даволі вялікая прыборка лесу прайшла ў Мікрараёне.
У грамадскай сферы адбыліся і яшчэ два адкрыцці: АМГА "Звяз" распачало рэгулярныя пошукі "Клада" - гэта гульня на арыентаванне ў горадзе, якая праводзілася ў Оршы амаль паўгады. Таксама аршанцы правялі круглы стол па пытанні што такое "Рускі свет", тэма аказалася актуальнай і ўжо праз месяц арганізатары правялі такі ж круглы стол у Віцебску, чым адкрылі цэлую серыю такіх мерапрыемстваў па ўсёй краіне.
Распачаўся і сезон будаўніцтваў. Самае заўважнае будаўніцтва - аднаўленне званарні Куцеінскага манастыра. Другое будаўніцтва скончылася як і распачалося - хутка. Проста пад вокнамі жылога дома ў Мікрараёне чыноўнікі дазволілі будаваць новы гандлёвы аб'ект. Шэраг публікацыяў у СМІ і звароты жыхароў дома спынілі будаўніцтва. З пачаткам будаўніцтваў ды іншых зямельных работаў распачаўся і сезон вайсковых знаходак. За месяц зброю часоў вайны знаходзілі на Аршаншчыне двойчы.
Упершыню ў Оршы быў адзначаны юбілей грамадска-палітычных падзеяў пачатку 90-х. У красавіку споўнілася 25 гадоў з таго часу, як аршанскія рабочыя выйшлі на пратэст, заблакаваўшы чыгуначны вузел. Да гэтай падзеі сябры "Цэнтра даследвання грамадзянскай супольнасці" стварылі фільм, фотавыставу і сабралі ўдзельнікаў тых падзеяў.