Сёння - 8 студзеня - прыйшла сумная навіна - у Віцебскай рэанімацыі памерла Тамара Іванаўна Нагорная. Тамара Іванаўна была адной з самых знакавых настаўніцаў Барані. І справа не толькі ў яе цудоўнай лёгкай манеры данясення інфармацыі да школьнікаў, але і ў тым, што свой прадмет - беларускую мову - яна вельмі любіла, жыла як мовай ды літаратурай, так і іншымі праявамі беларускай культуры. І аднаго толькі выкладання мовы ёй было мала - энэргіі і жадання хапала на тое, каб папулярызаваць і этнаграфію. Менавіта Тамара Іванаўна стала рухавіком стварэння ў Барані этнаграфічнага музея.
Больш за 20 год настаўніца працавала ў музеі. Нават, выйшаўшы на пенсію, гэтае яе дзецішча не адпускала - яна працягвала даглядаць унікальныя калекцыі рушнікоў ды іншыя матэр'яльныя каштоўнасці, сабраныя з дапамогай вучняў. Музей быў вядомы па ўсёй краіне. Многія дэлегацыі, якія прыязжалі ў Оршу, у тым ліку амбасадары, наведвалі музей у Барані.
Напрыканцы мінулага году Тамара іванаўна, займаючыся бытавымі справамі, выпадкова абварылася кіпнем. Больш за два тыдні яна правяла ў бальніцах, але не вытрымала сэрца...
Развітанне з Тамарай Іванаўнай Нагорнай адбудзецца ў аўторак 10 студзеня ў 11-00 ў царкве г. Барань. Пахаваюць настаўніцу на могілках у вёсцы Селішча.
На фота Тамара Іванаўна разам са сваімі навучэнкамі, якія дапамагалі ў працы музея. Фота "Аршанскай газеты"