Самыя цікавыя падзеі траўня можна было б падзяліць на тры групы. Першая - гэта падзеі амаль камічныя. Самы просты прыклад: у раёне Кургана Славы пасля рамонту аўтобуснага прыпынка плакат на ім аказўся перагорнутым да гары нагамі.
Другі выпадак выглядае камічным толькі збоку, для саміх удзельнікаў смешнага ў ім было мала, асабліва для судовай выканаўцы, на якую напалі з рыдлёўкай. 26-гадовая маці запазычыла мабільнаму аператару 50 рублёў (новымі грашыма), але аддаваць іх не хацела аніяк. Калі да яе да хаты прыйшлі судовыя выканаўцы, то яна напала на адну з іх спачатку з кулакамі, а потым яшчэ кіламетр бегла за іх машынай з рыдлёўкай і крыкам "Заб'ю!".
І проста цікавы факт, які нечакана выявіўся пры аналізе украінскім блегерам вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года. Аказалася, што ў Аршанскім раёне знаходзіцца самы "азербайджанскі" сельскі савет краіны. У Зубаўскім сельсавеце колькасць азербайджанцаў складае цэлых 1,6%, гэта самы вялікі працэнт гэтай нацыянальнай меньшасці ў асобнай адміністратыўнай адзінцы краіны. Хаця насамрэч, гэта ўсяго толькі адна ці дзве сям'я з 12 чалавек.
Другія навіны - святочныя. Травень быў насычаны рознымі святамі. Хаця адно са святаў можна аднесці як да святочных падзеяў, так і да камічных. Гэта было святкаванне 9 мая, дзе пад час ускладання кветак загучаў расійскі манархічны гімн. Вельмі камічна выглядала, калі, у ліку іншых, сябры камуністычнай партыі ўскладалі кветкі да помніка савецкім вызваліцелям пад песню "Слаўся, слаўся, рускі цар". З традыцыйных мерапрыемстваў у гэтым месяцы аматары аўтаспына правялі чарговую вясновую "Эльбу", музейшчыкі "Казачную ноч у музеі". З незвычайных: парк "Казачная краіна" правёў дабрачыннае мерапрыемства па зборы сродкаў для хворай дзяўчынкі Камеліі Дземчанка. Дабрачыннасцю заняліся і супрацоўнікі СТО "Віраж", якія з падарункамі наведалі віцебскі дзіцячы дом. У Задняпроўі адкрыўся новы начны клуб "Клубніка".
Як асобнае свята для аматараў спорта можна адзначыць паспяховую гульню ФК "Орша". Гарадская каманда з новым трэнерам упершыню не прайграла камандзе Слоніма. На фоне паспяховых гульняў, аршанцы зноў масава пайшлі на стадыён, а фанаты запусцілі "Інстаграм" каманды, сваю навінку выдаў і спартовы клуб "Орша" - быў абноўлены сайт клуба. Свае футбольныя поспехі атрымаліся і ў Барані - мясцовая каманда (некалі папулярны "Тэмп", цяпер проста "Барань") пачала выступаць у чэмпіянаце вобласці.
І асобна вылучым падзеі, якія ўразілі, а кагосці, магчыма, і шакавалі. Найбольш рэзанансная навіна - тое, што школьнікі з Аршанскага і Талачынскага раёнаў пабывалі на навучанні ў расійскіх фашыстаў, дзе вучыліся забіваць людзей у баявых умовах. Арганізавалі іх вандроўку на "навучанне" мясцовыя казакі, тыя самыя якія раней у супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой і аддзелам адукацыі праводзілі сваю прапагандысцкую сустрэчу ў 19-ай школе. Гэты выпадак потым у СМІ мусіраваўся цэлы год. Да высвятлення абставінаў далучыліся міліцыя, пракуратура ды іншыя дзяржаўныя структуры. Пры гэтым, казачкі не толькі не прызналі, што зрабілі лухту, а паспрабавалі ў прарасійскіх і расійскіх СМІ падаць сябе ахвярамі "кепскай" улады.
Другі выпадак, які шакаваў многіх аршанцаў - аварыя на скрыжаванні вуліц Леніна і Шаўчэнкі, у выніку якой загінулі два кіроўцы - таксіст і матацыкліст. Здаецца, гэта самая крывавая аварыя за мінулы год у рэгіёне.
І яшчэ адна аварыя дзе, нашчасце, аніводны чалавек не загінуў. Затое жывёле, якая і стала прычынай аварыі ад моцнага ўдара аб машыну адарвала галаву. У сацыяльных сетках потым з'явіліся сапраўды шакуючыя фотаздымкі.