У першы ж дзень лета ў Оршы адбылася непрыемнасць - на Аршанскай ЦЭЦ адбылася аварыя з-за якой горад застаўся без гарачай вады. Але гэта было не дужа страшна, бо ў гэтым месяцы распачаліся штогадовыя планавыя адключэнні гарачай вады. А ў астатнім першая палова месяца прайшла вельмі спакойна.
У сярэдзіне месяца пачаліся цікавыя падзеі. Так, у раёне вакзала мужчына, выязджаючы на машыне задам са двара, задавіў пенсіянерку і паспрабаваў схавацца ў Расіі, але быў затрыманы недалёка ад Дуброўны. Таксама ў Оршы былі затрыманы адны з лідараў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў і Аляксандар Абрамовіч. Яны прыехалі, каб правесці чарговы сход прадпрымальнікаў, але былі затрыманыя, хаця на той сход прыйшлі ўсяго толькі некалькі чалавек.
Былі падведзены вынікі паўгадавых інтэлектуальных змаганняў у бары "Ліга" - прайшоў фінал першага сезона "Мазгабойні". Пераможцам прадказальна стала каманда грамадскай арганізацыі "Звяз" з прадказальнай назвай "Звяз". Праўда, у наступным сезоне гэтай камандзе стала шанцаваць значна менш. Дарэчы, у гэтым жа месяцы "Звяз" анансаваў правядзенне летам першага ў Оршы турніра па дваровым футболе. Турнір аказаўся адным з самых масавых і цікавых мерапрыемстваў грамадскіх арганізацый за апошнія гады і прэтэндуе на тое, каб стаць рэгулярным.
Напрыканцы месяца добрая навіна з'явілася для аўтааматараў Оршы. Для іх у мабільным дадатку Zello з'явіўся асобны канал "7 FM Orsha", які прызначаны для ўзаемадапамогі на дарогах. Канал вельмі хутка стаў папулярным, хаця сам мабільны дадатак для аршанцаў быў поўнай навінкай.
Набліжаліся парламенцкія выбары. Упершыню на выбарах па аршанскіх акругах вырашыў удзельнічаць лідар рэспубліканскай палітычнай партыі ім стаў Сяргей Калякін са "Справядлівага свету". Сваю кампанію ён, па сутнасці, распачаў з канца чэрвеня.