Неверагодныя рэчы адбываюцца ў аршанскім адлове бадзяжных жывёлаў. Утрыманне сабак каштуе значна больш, чым у іншых вядомых прытулках Беларусі. Пра гэта ў інтэрнэце напісала спадарыня Святлана, якая вырашыла забраць сабаку, выратаваўшы яго ад знішчэння. Мінулы гаспадар пса паступіў са сваім сябрам подла — завёз у адну з вёсак і выкінуў з машыны. Сабака прыбіўся да дзіцячага садка і кацельні, а Святлана ўбачыла яго і неаднаразова прыязджала ў вёску падкарміць, паведамляе "Еўрарадыё". Пад Новы год сабака знік, проста нехта з вяскоўцаў паскардзіўся, і пса забраў адлоў. Святлана, якая выратавала сабаку ад смерці, забраўшы яго адтуль, за некалькі дзён утрымання жывёлы заплаціла адлову каля 72 рублёў.
Вось, што напісала спадарыня Святлана ў Сеціве:
Я забірала сабаку з Аршанскага адлову. Сабака сядзеў у жалезнай клетцы, на двары з пустой рондаллю, без вады, у экскрэментах. З мяне здзерлі 24 рублі ў суткі, плюс перавозка і падатак на даданую вартасць. Доўга разбіраліся ў бухгалтэрыі, як афармляць плацёж, бо я, напэўна, была першай, хто сабаку вырашыў забраць. Там проста жах, а грошай бяруць столькі, што не ўпэўнена, што два маіх хатніх сабакі абыходзяцца ў такую суму ў дзень.
24 рублі памножыць на трыццаць — болей за 7 мільёнаў у месяц каштуе ўтрыманне аднаго сабакі ў Аршанскім адлове. Зразумела, што такія сумы ніхто не траціць, нават не кожны чалавек можа дазволіць сабе жыць на такія грошы. У мяне два сабакі. Кілаграм абрэзкі каштуе два рублі. Маім сабакам гэтага хапае на дзень дакладна. Я не думаю, што больш за 2-3 рублі нехта будзе траціць на сабаку, нават самага буйнога.
Эканамісты Аршанскай спецаўтабазы паведамілі, што ўсё якраз так, як мае быць паводле іх расцэнак:
Так, з падаткам на даданую вартасць суткі ўтрымання — 24 рублі. Тут і ўтрыманне адлоўленых жывёлаў, і транспартныя выдаткі, і корм.
Пры гэтым, у Пінскім адлове сутачнае ўтрыманне сабакі каштуе ўсяго 1.60. У Менску ў арганізацыі "Фаўна горада" 4.12, прытым сабаку новаму гаспадару аддаюць бясплатна.
Атрымоўваецца, утрыманне сабакі ў Аршанскім адлове каштуе нашмат больш — 24 рублі (11,5 еўра ў суткі), пры тым што сярэдні заробак у Аршанскім раёне складае 580 рублёў 80 капеек. Няхітры матэматычны разлік паказвае, што звычайны чалавек на месячны заробак можа дазволіць сабе жыць толькі на 19 рублёў у суткі (менш за 10 еўра).