Снег толькі нядаўна сыйшоў, зямля яшчэ не падсохла, а экалагічныя актывісты ўжо пачынаюць сваю работу. Першая добраахвотная прыборка лесапаркаў пройдзе ў Оршы 11 сакавіка і распачнецца а 12-00. Актывісты "Ананімнай экалагічнай ініцыятывы" запрашаюць далучыцца да прыборкі любога ахвотнага - прыбраць яны плануюць лесапарк каля мотакроснай трасы "Куцеенка". Збор добраахвотнікаў прызначаны на 11 сакавіка 12-00 каля крамы "Белвест". Актывісты просяць добраахвотнікаў мець з сабой мяхі і пальчаткі.
Нагадаем, што "Ананімная экалагічная ініцыятыва" - аб'яднанне людзей, якое з'явілася толькі ў 2016 годзе і правяло шэраг не масавых прыборак. Актывісты арыентуюцца на невялікую колькасць людзей і не вялікія ўчасткі забруджаных тэрыторыяў у горадзе і прыгарадзе. Затое прыборкі праводзяць даволі часта. Асаблівасць ініцыятывы ў тым, што арганізатары хаваюць свае твары, ствараючы імідж таямнічасці - адсюль і назва.