Адзін з самых вядомых грамадскіх дзеячоў Аршаншчыны Ігар Грышанаў раніцай 15-га сакавіка быў адпушчаны з-пад варты пасля трох содняў, праведзеных у ізалятары. Спадар Ігар быў затрыманы на аўтазапраўцы акурат напярэдадні "Маршу недармаедаў", які з поспехам адбыўся ў Оршы 12-га сакавіка, сабраўшы звыш 1000 чалавек. У камеры з Ігарам сядзелі многія людзі, у тым ліку наркаманы і хворыя на сухоты. На выхадзе з ізалятара часовага ўтрымання Ігара Грышанава сустрэлі некалькі чалавек. На жаль, праблемы яшчэ не засталіся ззаду, супраць Грышанава пачата крымінальная справа па артыкуле 211 частка 1 (Прысабечванне альбо растрата маёмасці асобай, якой яна даручана). У вёсцы Стаўры наклалі арышт на маёмасць вядомага дзеяча. Мы сочым за развіццём падзей.
Сваё затрыманне Ігар Грышанаў лічыць незаконным і будзе яго абскарджваць.
Першыя фота пасля вызвалення. Аўтар — Паліна Сцепаненка.
Нагадваем, што пісаць лісты падтрымкі зняволеным у Оршы можна па адрасе: 211030, Орша, вул. Энгельса, 25 ІЧУ. За кратамі ў Оршы яшчэ застаюцца Віктар Андрэеў, Васіль Бераснеў і Павел Севярынец. Усяго рэпрэсій у сувязі з "Маршам недармаедаў" зазналі ўжо 115 чалавек, аднак людзі працягваюць масава выходзіць на вуліцы.