У Віцебскай вобласці пачата адразу тры крымінальных справы, звязаных з дзейнасцю так званых "групаў смерці". Да такіх гульняў адносяць, да прыкладу, папулярнага ў апошні час "Сіняга кіта". Аршанская пяцікласніца, як паведамляюць у Следчым камітэце Віцебскай вобласці, была падпісаная на адну з такіх суполак. Куратар гульні прымушаў дзяўчынку нанесці сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні. У выпадку непадначалення пяцікласніцы пагражалі, што з яе блізкімі здарыцца бяда. Аднак, на шчасце, пра злачынныя пагрозы даведалася мама дзяўчынкі, якая і звярнулася да праваахоўнікаў.
Аршанскі аддзел Следчага камітэта пачаў па гэтым факце крымінальную справу па артыкуле 185 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (Прымус асобы да выканання нейкага дзеяння, здзейсненае з пагрозамі прымянення гвалту да яе ці блізкіх). Вядзецца следства.
Бацькоў яшчэ раз папярэджваюць — не ўмешвайцеся груба ў жыццё сваіх дзяцей, але пры гэтым не забывайце кантраляваць, ці не знаходзяцца яны ў "групах смерці", назірайце за іх паводзінамі, і ў выпадку рэзкіх зменаў спрабуйце акуратна высветліць, што да гэтага прывяло. "Сіні кіт", "Ціхі дом" і таму падобныя гульні нясуць вялікую небяспеку для грамадства. Па словах прадстаўнікоў Следчага камітэту, большасць такіх групаў адмініструюцца з тэрыторыі Расеі.