Нагадаем, што 22 сакавіка суд Оршы і Аршанскага раёна спагнаў з валанцёраў, якія прыйшлі ў адлоў КУП "Аршанская спецаўтабаза" пакарміць сабак, штрафы агульнай сумай 150 базавых велічынь за нібыта незаконнае пранікненне на тэрыторыю прадпрыемства. Зоо-актывісты з вынесеным рашэннем не пагадзіліся і сумесна падалі скаргу ў Віцебскі абласны суд з просьбай адмяніць пастановы Аршанскага суда. У сваіх скаргах валанцёры растлумачылі, што не ў першы раз наведвалі тэрыторыю дадзенага прадпрыемства, і раней прэтэнзій да іх з боку адміністрацыі спецаўтабазы не было.
"Наш прыход на спецаўтабазу 21 сакавіка нічым не адрозніваўся ад папярэдніх візітаў на прадпрыемства. Мы прайшлі праз вароты, паведамілі вартаўніку, што ідзем да вальераў з сабакамі з мэтай пакарміць жывёл. Ніхто нам праход не забараняў. Усе прэтэнзіі да нас пачаліся пасля таго, як мы ўключылі камеру і пачалі фіксаваць жудасныя ўмовы ўтрымання сабак" - распавядае Арцём Ісачэнка, адзін з валанцёраў, якія прыйшлі на спецаўтабазу ў той дзень.
Акрамя таго КУП "Аршанская спецаўтабаза", як прадпрыемства, якое займаецца адловам бадзяжных жывёл, абавязана прыкладаць усе намаганні па пошуку жывёлам новых гаспадароў, у тым ліку прапускаць грамадзян да месца іх часовага ўтрымання.
19 красавіка ў Віцебску прайшлі першыя слуханні па гэтай справе, кожнае з якіх доўжылася не больш за 5 хвілін. Нягледзячы на довады валанцёраў, пастановы па дзвюх справах Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў, прызнаўшы рашэнне Суда горада Оршы і Аршанскага раёна абгрунтаваным. Цяпер на абскарджанне рашэння абласнога суда ў актывістаў ёсць 6 месяцаў.
26 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудуцца слуханні па скаргах астатніх валанцёраў, у тым ліку і Юліі Малышавай, якая была прыцягнута да адказнасці па трох артыкулах адміністрацыйнага кодэкса, а менавіта за "Незаконнае пранікненне на ахоўваемую тэрыторыю", "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў", а таксама "Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі" і атрымала штраф, які ў суме складае 46 базавых велічынь.