Уладзімір Ільіч Ульянаў (Ленін) — стваральнік першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы нарадзіўся 22-га красавіка (10 паводле старога стылю) 1870 года ў горадзе Сімбірск, сучасная тэрыторыя Расеі. Помнікі і вуліцы ў гонар Уладзіміра Леніна ёсць не толькі ў гарадах і мястэчках колішняга СССР і краінах Варшаўскай дамовы, але часам і ў іншых краінах.
Зараз ідзе пераасэнсаванне ролі Леніна ў гісторыі, многія жыхары расейскага Ульянаўска жадаюць вяртання гістарычнай назвы Сімбірск свайму гораду, ва Украіне, дзе раней кожны Дзень нараджэння Леніна нязменна суправаджаўся сутыкненнямі прыхільнікамі і праціўнікамі камунізму, зруйнаваны сотні помнікаў "правадыру", гэта ж на пачатку 90-х гадоў зрабілі ў многіх іншых краінах, што здабылі незалежнасць пасля развалу Савецкага Саюза, у Малдове рэгулярна абмалёўваюць помнікі Леніну нацыяналістычнымі надпісамі. Адной з прычынаў негатыўнага стаўлення многіх да асобы Леніна ёсць абяцанне нацыянальнага самавызначэння кожнаму з паняволеных народаў Расейскай імперыі. Але на справе выявілася, што пазбегнуць уваходжання ў склад СССР удалося далёк не ўсім, у тым ліку ў "чырвоную" імперыю ўвайшла і Беларусь.
Таксама прычынай з'яўляецца яго ваяўнічы атэізм, як наступства палітыкі супрацьдзеяння рэлігіі ў адной Беларусі былі закатаваныя тысячы святароў і вернікаў розных канфесій, сотні храмаў у час Леніна і пасля яго былі ўзарваныя альбо ператвораныя на гаспадарчыя будынкі. І гэта пры тым, што мноства старых касцёлаў і цэркваў з'яўляліся гістарычнай спадчынай. Частка людзей адзначае іншае - менавіта рэвалюцыя, пачатая Леніным, адкрыла шлях мільёнам рабочых да волі ад фабрыкантаў, рабочыя дамагліся паляпшэння ўмоў сваёй працы і на пэўным этапе іх сапраўды слухалі. Пры ўсёй палярнасці ацэнак Уладзіміра Леніна нават частка некамуністычных даследчыкаў лічыць яго найбольш значным рэвалюцыянерам у гісторыі.
Беларусь застаецца адзінай краінай сярод 15 колішніх саюзных рэспублік, якая афіцыйна адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, ён святкуецца штогод 7-га лістапада.
Сёлета адзначаецца ўжо 100-я гадавіна адной з найбольш значных рэвалюцый у гісторыі планеты. Дзень нараджэння "аўтара" рэвалюцыі Уладзіміра Леніна звычайна праходзіў без вялікага рэзанансу, але сёлета не застаўся без увагі беларусаў. За апошнія паўгода чатыры помнікі Леніну ў краіне закідалі чырвонай фарбай. Раней гэта зрабілі ў Лідзе і Браславе, а напярэдадні 22-га красавіка чырвонай фарбай заплямілі манументы ў абласных Берасці і Магілёве.
У Оршы, наадварот, прайшлі святкаванні Дня нараджэння бальшавіцкага правадыра. Напярэдадні пастамент на працягу паўгадзіны старанна мылі, а ў суботу некалькі чалавек сабраліся каля помніка Леніну, правялі святочны мітынг і ўсклалі да яго кветкі.