Два маладыя мужчыны затрыманыя па падазрэнні ў кватэрных крадзяжах. Па версіі следства, яны хадзілі па кватэрах і прапаноўвалі пенсіянерам касметыку і кухоннае начынне, а затым абкрадалі кватэры. Заявы пра падобныя крадзяжы сталі паступаць у міліцыю яшчэ ў сярэдзіне красавіка. Як паведаміла прэс-служба УУС Мінаблвыканкама, з 13 па 21 красавіка тры крадзяжы былі здзейсненыя ў Маладзечне, 28 красавіка адна ў Дзяржынску, а 3-га траўня злачынцы дабраліся і да Оршы. Пацярпелымі былі ў асноўным даверлівыя пенсіянеры. Па іх словах, у іх кватэры званілі адзін альбо двое хлопцаў прыкладна 25 і 30 гадоў, прапаноўвалі кухоннае начынне - посуд, сталовыя прылады, а таксама касметыку. Некаторыя з людзей нават куплялі ў іх што-небудзь з тавару. А вось пасля візіту прадаўцоў людзі бачылі, што ў іх зніклі грошы і каштоўныя рэчы.
Праз некаторы час адзін з меркаваных злачынцаў быў затрыманы ў Менску, а другі па месцы жыхарства — аказалася, ён з Барані. У адносінах да затрыманых пачата крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ім пагражае да 3-х гадоў зняволення. Пры гэтым у міліцыі мяркуюць, што крадзяжоў было больш, проста не ўсе ахвяры звярнуліся ў "органы".