Зводка абласной міліцыі паведамляе пра затрыманне не называючы канкрэтных імёнаў і прозвішчаў. Падазраванага 34-гадовага раней судзімага мужчыну міліцыянты з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (мафіяй) адсочвалі раней. Але людзі такога роду заняткаў паводзяць сябе даволі асцярожна і затрымаць яго пры здзяйсненні непасрэднага злачынства ў праваахоўнікаў не атрымлівалася. Дапамагла аператыўная інфармацыя пасля атрымання якой яго затрымалі дома дзе знайшлі два зараджаных пісталета, порах, дадатковыя патроны, цеплавізар,дзве радыёстанцыі з падзарадкамі і гарнітурай ды грошы беларускія і замежныя.
Чаму ж да яго была такая ўвага? Справа ў тым, што па версіі міліцыянтаў, жыхар Аршаншчыны з'яўляецца сябрам арганізаванай злачыннасці - той самай мафіі з яе іерархіяй, варамі ў законе і г.д. Сам ён - падазраюць міліцыянты - стварыў банду з ліку аршанцаў, якая займалася злачынствамі на тэрыторыі суседніх з Беларуссю абласцей Расіі. Спецыялізавалася група на крадзяжах грузаў з фураў. Міліцыянты ўпэўненыя, што групу і яе лідара асабіста падтрымліваў адзін з крымінальных аўтарытэтаў Віцебска, які быў затрыманы раней.
Зараз падазраваны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, а міліцыянты разам з калегамі з Расіі збіраюць доказы віны, следства працягваецца.