13-га траўня ў Менску адбыўся сход моладзевай сеткі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). На ім прысутнічалі і прадстаўнікі моладзі з Оршы. На сходзе абраныя двума сустаршынямі-каардынатарамі жыхары Бабруйска Дзяніс Худавец і Ганна Дусь. Да гэтага пасада каардынатара заставалася незанятай каля года. Цяпер два сустаршыні будуць каарданаваць работу моладзевай сеткі, рэгулярна звязвацца з моладдзю Оршы, Магілёва, Пінска, Барысава, Бабруйска, Слуцка, Гародні, Калінкавічаў і іншых гарадоў.
Удзел у сходзе прынялі старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і актывіст прафсаюзу Андрэй Стрыжак з Гомеля. Сярод планаў моладзі было прапанавана стварыць службу псіхалагічнай падтрымкі людзей, якія страцілі працу, бо было заяўлена, што гэта адзін з найвялікшых стрэсаў для здароўя пасля смерці блізкага чалавека і скасавання шлюбу. Таксама прапануецца бясплатная дапамога ў стварэнні рэзюмэ, больш шырокае развіццё самога брэнду РЭП, актыўнае інфармаванне пра жыццё прафсаюза праз сацыяльныя сеткі, нефармальныя сустрэчы моладзі для адпачынку і абмеркавання сур'ёзных працоўных пытанняў. Было заяўлена, што прафсаюз не мусіць выконваць адно задачу па дапамозе працоўным, якія трапілі ў складаную сітуацыю, але і актыўна залучаць такіх людзей да працы прафсаюзу, бо толькі ўсеагульная салідарнасць здолее вырашыць альбо нават прадухіліць многія праблемы з працай.
Таксама стала вядома, што актывісты прафсаюзу РЭП з іншых гарадоў наведаюць Оршу ў чэрвені. Вынікі сустрэчы і бліжэйшыя планы адмыслова для orsha.eu распавёў актывіст прафсаюза РЭП з Гомеля Андрэй Стрыжак:
Моладзь прыехала на сход з розных гарадоў Беларусі, каб абмеркаваць бягучыя праблемы. Чаго не хапае, што варта дадаць. І прыемны бонус - у нас з'явіўся каардынатар, прычым у дзвюх асобах. Гэта Ганна Дусь і Дзяніс Худавец з Бабруйску. Незвычайная сітуацыя для беларускіх грамадскіх арганізацый, мы захоўваем гендэрную роўнасць.
За апошні час мноства актывістаў РЭП затрымліваліся, караліся буйнымі штрафамі і суткамі зняволення за выступы супраць Дэкрэту № 3, за абарону сваіх працоўных правоў і з іншых прычынаў. Як чалавек, які вядзе статыстыку рэпрэсій супраць актывістаў РЭП, скажыце, колькі сябраў прафсаюзу за 2017 год зазналі рэпрэсіяў, колькі цяпер чакаюць судоў ці нават знаходзяцца за кратамі?
Прафсаюз РЭП агулам пацярпеў такім чынам: у нас 39 чалавек трапілі пад рэпрэсіі, многія з іх сядзелі 5, 10, 15, 25 сутак адміністрацыйнага арышту, а нехта быў засуджаны да штрафаў у буйным памеры. І вось тут трэба адзначыць салідарнасць людзей. Праз старонку BY_help у фэйсбуку беларуская дыяспара ва ўсім свеце стала шукаць грошы для дапамогі затрыманым і іх сем'ям. Дзякуючы такой моцнай салідарнасці ўдалося закрыць усе пытанні па адміністратыўных спагнаннях, выплаціць усе штрафы. Але казаць пра радасны канец пакуль зарана. На дадзены момант у нас ёсць адзін чалавек, які праходзіць па справе аб масавых беспарадках, якіх не было. Гэта сын члена прафсаюза Андрэй Комлік. Мы сочым за ўсімі падзеямі ў яго справе.
Вы паведамілі, што неўзабаве наведаеце Оршу. Што гэта будзе за сустрэча?
Сустрэча з аршанцамі, у тым ліку сябрамі прафсаюзу РЭП будзе накіраваная на рашэнне праблем рэгіёну. Яна адбудзецца на пачатку чэрвеня. Пакуль вырашаем наконт фармату, я асабіста выступаю за адкрыты фармат сустрэчы, каб любы жадаючы аршанец мог прыйсці і паслухаць, якім чынам прафсаюз РЭП дзейнічае ў кампаніі па абароне грамадскіх інтарэсаў, і чаму менавіта наш незалежны прафсаюз можа найбольш эфектыўна адстойваць правы працоўных. У бліжэйшы час будзе складзены графік іншых гарадоў, якія мы наведаем з падобнымі візітамі, але Орша будзе першай.
Фота praca-by.info i "Гомельская вясна".