Дырэктар аднаго Адкрытага акцыянернага таварыства Аршанскага раёну звярнуўся ў міліцыю, паведаміўшы, што невядомы злачынца залез у ягоны аўтамабіль 9 жніўня з 6:40 да 11 гадзін. Здарэнне адбылося ў вёсцы Дачная. Аўтамабіль "Івека-Дэйлі" быў адчынены, бо гаспадар не чакаў няпрошаных гасцей і нават пакінуў ключы запальвання ў аўто. Міліцыя пачала расследваць, дзе ж можа знаходзіцца скрадзеная машына, і знайшла аўто ў тэхнічна спраўным стане ў вёсцы Грышаны. Яе згнаў 18-гадовы жыхар Оршы. Заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 214 Крымінальнага кодэксу РБ. Маладзёна чакае альбо штраф, альбо папраўчыя работы да 2-х гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
А ў Дубровенскім раёне ў вёсцы Бурая з дачнага дома ў жыхара Дуброўны скралі 48 рамак з мёдам. Мужчына 1972 года нараджэння амаль месяц не наведваў сваё лецішча, а калі прыехаў туды, убачыў, што мёду не хапае. Матэрыяльная шкода склала 350 рублёў. Папярэдне ўсталявана, што злачынства здзейсніў непрацуючы мясцовы жыхар 1962 года нараджэння. Пачата крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 205 КК Рэспублікі Беларусь. Мера гэтага артыкулу прадугледжвае альбо штраф, альбо папраўчыя работы да 2-х гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.