З усіх суседніх і самога Аршанскага раёна, зводка УУС на гэтым тыдні найбольш пісала пра Лёзненскі раён. Так, 14 жніўня ў вёсцы Крынкі Лёзненскага раёна было абкрадзена лецішча віцебскага пенсіянера. Даклданей, сам крадзёж адбыўся ў перыяд з 12 па 14 жніўня, але пенсіянер толькі калі вярнуўся на лецішча пабачыў знікненне чугуннай пліты, саломарэзкі ды бідона. Падобна на тое, што злачынцы планавалі ўсё гэта здаць у металалом. Міліцыянты ацанілі скрадзенае у 200 рублёў і змаглі знайсці злачынцаў. Затрыманыя былі двое мясцовых жыхароў 1967 і 1971 гадоў нараджэння.
На наступны дзень - 15 жніўня - лёзненская міліцыя работала ў вёсцы Адаменкі гэтага раёна. Тут пры падтрымцы кіналагічнай службы Віцебскай мытні затрыманы мясцовы жыхар 1978 года нараджэння, які захоўваў у сябе 322,55 грамы невысушанай макавай саломкі.
17 жніўня затрыманне адбылося каля вёскі Чарнаручча. Міліцыянты спынілі аўтамабіль "Маз-Ман" у якім прадпрымальнік з горада Віцебск перавозіў у суседнюю краіну 16,8 тонаў чорнага металу на суму 3374 рублі. Груз канфіскаваны.
Пры гэтым пра Аршанскі раён зводка УУС за ўвесь тыдзень не ўзгадала ні разу. Праўда, гэта не азначае, што ў нашым раёне не было здарэнняў. Акрамя затрымання педафіла і забойства ў Барздоўцы, на гэтым тыдні ў Оршы чарговы раз былі выяўленыя фальшывыя грошы.