24 красавіка бягучага года ў міліцыю ад жыхаркі Валожынскага раёна паступіла паведамленне аб тым, што яе знаёмага збілі невядомыя, паведамляе прэс-служба Следчага Камітэта па Мінскай вобласці. Па месцы жыхарства пацярпелага неадкладна выбыла следча-аператыўная група. У ходзе апытання мужчыны стала вядома, што ён стаў ахвярай выкрадання.
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства былі затрыманыя двое мужчын. Па дадзеных следства, двое непрацуючых жыхароў Талачына 30 і 26 гадоў, праязджаючы на аўтамабілі праз гарадскі пасёлак Івянец Валожынскага раёна, сустрэлі 30-гадовага мясцовага жыхара. Шляхам падману завабілі мужчыну ў аўтамабіль і супраць яго волі вывезлі ў лясны масіў. Там, беспадстаўна збіваючы пацярпелага, аблілі дызельным палівам і дэманстравалі запаленую запальнічку. Затым пасадзілі пацярпелага ў аўтамабіль і адвезлі ў пасёлак.
Следствам зроблена работа па зборы і замацаванню доказнай базы: дапытаныя сведкі, праведзеныя праверкі паказанняў на месцы, вочныя стаўкі, атрыманы заключэнні судовых экспертыз. Затрыманым прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 182 (выкраданне чалавека) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ў дачыненні да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.