Пра тое, што маёр Савенок быў затрыманы супрацоўнікамі аддзела ўласнай бяспекі міліцыі паведаміў блогер Nexta, які на сваім тэлеграм-канале часта публікуе інфармацыю з сілавых ведамстваў, якая потым аказваецца праўдзівай, але хаваецца да пэўнага часу. Напэўна, каб не Nexta, то і гэтая гісторыя не атрымала б розгаласу.
Па інфармацыі блогера, на начальніка аршанскага аддзелу па барацьбе з наркотыкамі была заведзена крымінальная справа па артыкуле 328, які прадугледжвае адказнасць за захоўванне і распаўсюд наркотыкаў. Nexta тлумачыць, што Савенок патрапіўся даволі выпадкова - забраў да сябе дамоў вынятыя моцныя абязбольваючыя - і сказаў пра гэта па тэлефоне калегу. А іх размову праслухалі КДБ. Гэтую інфармацыю на ўмовах ананімнасці нам падцвердзілі людзі маючыя дачыненне да работы міліцыі. Толькі па нашай інфармацыі, Савенок знаходзіцца зараз на свабодзе, а не ў ізалятары часовага ўтрымання, як паведаміў блогер.
Пакуль мы не будзем распавядаць падрабязнасці справы - падцвердзіць гэтую інфармацыю на дадзены момант вельмі складана. Таму працяг тэмы чакайце на нашым сайце пазней.