На выходных 19 траўня ў аршанскую міліцыю звярнуўся жыхар Пінска, які ў Оршы быў у камандзіроўцы. Як паведамляе абласная міліцыя, мужчына 18 траўня пабываў у адной з крамаў на вуліцы Леніна і там пасля разліку за харчы выпадкова забыўся свой гаманец з грашыма. Толькі раніцай пінчанін заўважыў знікненне грошай. Шукаць гаманец ён пайшоў у тую самую краму, але там забытую рэч ніхто не бачыў. Тады мужчына і звярнуўся ў міліцыю, а ўжо міліцыянтам далі магчымасць перагледзець камеры крамы. І аказалася, што гаманец у краме бачыла 75-гадовая пенсіянерка-пакупніца. Заўважыўшы гаманец яна проста паклала яго ў сваю торбу і пайшла.
Міліцыянты хутка знайшлі пенсіянерку - жанчына была на лецішчы калі яе прыехалі затрымліваць. Следчым камітэтам заведзена крымінальная справа па артыкуле крадзёж, максимальнае пакаранне за яе дзеянне можа быць да 3 год.