Наш сайт яшчэ ў канцы ліпеня паведамляў пра тое, што на вуліцы Флёрава дзеці на пляцоўцы знайшлі косткі. Цалкам магчыма, яны чалавечыя. Побач ідзе будаўніцтва. Аднак артыкул і звароты грамадзян міліцыя і камунальныя службы быццам не заўважаюць.
На тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі каля нашых дамоў ідзе рамонт: будаўнікі пракладаюць нейкія трубы. У ходзе гэтых работ каля трох тыдняў таму, яшчэ ў пачатку ліпеня, і знайшлі парэшткі — як нам здаецца, яны чалавечыя. Але косткі ніхто не прыбраў — яны так і ляжаць раскіданыя па ўсёй дзіцячай пляцоўцы. Нікому да іх няма ніякай справы ўжо амаль цэлы месяц. Як вядома, у час вайны ў Оршы ішлі баі, тут былі пахавання савецкіх салдат. І тое, што зараз адбываецца, — блюзнерства!
Міліцыянты сюды прыходзілі, нават не адзін раз. Быццам абяцалі жыхарам, што косці забяруць. Былі яны тут і 1 жніўня. Хадзілі, глядзелі. Але па стане на вечарам 1 жніўня парэшткі ўсё роўна ляжалі на дзіцячай пляцоўцы. Толькі раней яны знаходзіліся на плітах, а зараз іх наогул скінулі на зямлю. Самае страшнае тое, што вакол бегаюць дзеці. Яны гуляюць у выкапаных працоўнымі ямах. Нідзе няма ніякіх агароджаў, і ў дзяцей і дарослых — вольны доступ на гэтую тэрыторыю.
На прадпрыемстве «Оршакамгас» паведамілі, што нават не чулі пра косьці на Флёрава. І гэта пры тым, што інфармацыя была на Orsha.eu, а ў мікрараёне цяпер такая знаходка — адна з найпапулярнейшых тэм. Жыхары заяўляюць, што тэлефанавалі з нагоды костак ў розныя інстанцыі. Але адказу і, самае галоўнае, рашэння, так і няма.