Супрацоўніца кампаніі Imago Валянціна Андрэева з Оршы прыклала нямала намаганяў да стварэння сучаснай палітычнай мапы свету на беларускай мове. Яна па задумцы дызайнера Аляксандра Чабатарова зроблена ў сіняй каляровай гаме, але ўсе краіны добра бачныя. Натуральна, прысутнічае і адрозненне ў гарадах паводле іх насельніцтва. Сама Валянціна Андрэева так пракаментавала выхад унікальнай мапы:
У Беларусі ўпершыню выйшла беларускамоўная карта палітычнага ўладкавання свету на беларускай мове - не для школьнікаў. Больш за тое, яна выйшла не як прымусовае "люстэрка" рускамоўнай карты. Не, гэта асобны твор. Як на мой густ - цудоўны, свежы, касмічны. Не, без касякоў не абышлося: на карце ёсць памылкі (і па іх цяпер заўсёды будуць пазнаваць карты з самага першага выпуску). А яшчэ ў нашай карты дагэтуль - савецкая аснова і ў цэнтры - Масква, а не Грынвіч, як у National Geographic, скажам. Ды ўсё гэта - крокі, і шлях трэба з нечага пачаць.
Але мяне даводзіць да роспачы думка, што карту можна праігнараваць. Вільнюс, а не Вільня - ігнор. Памылка - ігнор. А што там з Крымам? Пані і панове, упершыню мы маем сваю, беларускамоўную, не школьную, з сучасным дызайнам карту свету. Па-мойму, гэта важна.
Мапа выйшла накладам у 1000 асобнікаў, кошт адной 8 рублёў. Сёння — першы дзень продажу.