Петыцыя, створаная на платформе petitions.by, мае на мэце звярнуць увагу грамадскасці на праслаўленне бальшавіцкага правадыра Уладзіміра Ульянава (Леніна) на вуліцах Оршы. Мала таго, што яго імя носіць галоўная вуліца горада, якой так і не вярнулі адну з гістарычных назваў — Віцебская альбо Пецярбургская, дык у пачатку вуліцы на доме па леніна, 14 вісіць шыльда, дзе Ленін называецца «найвялікшым геніем чалавецтва».
Тэкст петыцыі:
Патрабуем дэмантаваць памятную дошку ў гонар У.І. Леніна ў Воршы па адрасу вул.Леніна 14. Данная асоба з’яўляецца вельмі супярэчлівай. Дзякуючы якой беларускі народ быў падзелены ў 1921 годзе паводле Рыжскай дамовы. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка «Чырвонага тэрору», вынікам якой стала фізічнае знішчэнне вялікай колькасці людзей. Што тычыцца сцвяржэння на дадзенай дошке, яны, на наш погляд, не з’яўляюцца сапраўднымі: хто вырашыў, што У.І.Ленін з’яўляецца «найвялікшым геніем чалавецтва» і што ён з’яўляецца «правадыром і настаўнікам працуючых усяго свету»?
Мы, як працуючыя, катэгарычна не згодны с дадзенымі сцвяржэннямі, якiя зневажаюць наш гонар, таму патрабуем дэмантаваць дадзеную дошку.
Петыцыя сабрала 83 подпісы і была дасланая ў выканкам. Цяпер чакаецца адказ на яе ўва ўсталяваны законам тэрмін.