У Менску адкрылася выстава турэмных малюнкаў Алеся Пушкіна. Вядомы мастак з Бабра ў 2012 годзе правёў дзёрзкую і неабходную акцыю ўшанавання Расціслава Лапіцкага — героя беларускага антыкамуністычнага супраціву, які быў расстраляны Саветамі ў 1950-м годзе. Разам з паплечнікамі Пушкін хадзіў па Смаргоні і праслаўляў беларускага героя, павесіўшы ўласнаруч намаляваны партрэт Расціслава Лапіцкага на шыю. Міліцыянты схапілі Алеся Пушкіна і яго паплечнікаў, калі іншым патрыётам далі штрафы, дык Пушкіна асудзілі на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
Цяпер сітуацыя пакрысе змяняецца. 8 лістапада Пушкін з намаляваным партрэтам Вацлава Ластоўскага выправіўся ў Глыбокае і сустрэў збольшага прыязныя водгукі, пасля чаго спакойна вярнуўся дамоў. Пра гэта і гаварыў Алесь Пушкін на адкрыцці выставы, якая экспануецца ў праваабарончай прасторы "Тэрыторыя правоў" у Менску. Акрамя таго, на выставе можна назіраць адзін з малюнкаў, які прысвеаны Аршанскай бітве і меркаванаму манументу на яе месцы каля сутоку Крапівенкі з Дняпром.