Чарговы пратэст распачаўся а 12 гадзіне ў нядзелю. Людзі даволі хутка збіраліся і праз газіну колькасць удзельнікаў ужо можна было ацаніць у дзве тысячы чалавек, але людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі. Многія выходзілі сем'ямі.
Найважнейшы момант пратэсту распачаўся ў другой палове дня калі людзі пайшлі па горадзе. У гэты час на плошчы сабралося ўжо парадку 5.000 чалавек. Пратэстоўцы пайшлі па вуліцы Міра да міліцыі. Тут ненадоўга спыніліся на мосце і пракрычалі "Адпускай". Так людзі выказалі падтрымку тым актывістам, якія апынуліся ў ІЧУ яшчэ да выбараў і да гэтае пары застаюцца ў зняволенні па надуманых прычынах.
З Міра людзі звярнулі ў бок КДБ, потым пайшлі да суда і пракуратуры. Каб разумець маштаб пратэсту: калі галава калоны была каля Пажарнай частцы на вуліцы Мінская, то хвост калоны толькі заходзіў на спуск з гары каля пед.коледжа. Пасля такога прахода па горадзе частка людзей вярнулася на плошчу, а частка пайшла далей на Раніцу і вярнулася пазней. Акцыя пасля гэтага пераўтварылася ў падабенства агульнагарадскога пікніка: дзеці малявалі на асфальце, з'яіўся мяч і калонкі з музыкай.
Больш-меньш разыходзіцца народ пачаў каля 8 вечара, а некаторыя заставаліся і да глыбокага вечара. На акцыі пратэсту вырашылі збірацца на плошчы кожны дзень да адстаўкі Лукашэнкі. У рабочыя дні зборы будуць адбывацца а 17-00.