За «хапуном» на жаночым маршы анлайн назіраў брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян.
«Наталля прыляцела ў Беларусь, каб правесці тут свой адпачынак, а таксама падтрымаць нашую краіну ў гэтых падзеях. Сястра заўсёды была неабыякавай да лёсу радзімы, – распавёў Генадзь тэлеканалу "Белсат". – Яна адразу далучылася да розных акцый. Хадзіла падтрымаць Алену Лазарчык, у якой забралі сына Арцёма, на жаночыя маршы. У тую суботу таксама пайшла. Я ў наўпроставым эфіры бачыў Наталлю ў першых шэрагах. Яна несла наш бел-чырвона-белы сцяг, сама ўся такая яскравая – бландынка, у белым».
Пра сітуацыю Наталлі грамадскасць даведалася таксама дзякуючы адвакатцы Марыі Калеснікавай Людміле Казак. Яна была разам з Наталляй на Акрэсціна цягам адных содняў. Праз спадарыню Казак Наталля перадала на волю ліст, напісаны на кавалку прасціны. Паперу ёй не давалі.
Генадзь Касьян, як толькі даведаўся пра затрыманне сястры, адразу звярнуўся ў амбасаду Швейцарыі ў Менску. У той жа дзень, паводле брата затрыманай, пасол Швейцарыі ў Беларусі накіраваў у Міністэрства замежных спраў Беларусі хадайніцтва аб сустрэчы з Наталляй. Але з боку МЗС дагэтуль не было ніякай рэакцыі, кажа Генадзь. Адначасова розгалас падняла беларуская дыяспара ў Швейцарыі. Там гісторыю Наташы ўжо распавялі шмат у якіх мясцовых медыях.
Брат Наталлі зазначае, што, магчыма, праблема б ужо вырашылася, калі б у сястры было толькі швейцарскае грамадзянства, якое яна атрымала пяць гадоў таму. Тады б яе маглі вызваліць і дэпартаваць з Беларусі. Але жанчына не стала адмаўляцца ад беларускага пашпарту, і цяпер і паводле адміністратыўнай, і паводле крымінальнай справаў праходзіць як грамадзянка Беларусі.Наталля Хершэ з’ехала ў Швейцарыю больш за 12 гадоў таму. Як распавёў ейны брат, нарадзіліся і правялі дзяцінства яны ў Воршы. Потым Наталля скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, працавала бухгалтаркай у аршанскім «сабесе». Потым выйшла замуж за швейцарца.
– Людміла Казак казала, што была ўражаная стойкасцю і моцай духа Наташы, што ў яе было адчуванне, што калі б Наташу вызвалілі, заўтра яна б зноў пайшла на марш. Яе не зламалі ні гэтыя 15 содняў, ні крымінальная справа», — сказаў брат Наталлі Хершэ.