Паралімпіец Аляксей Талай, адзін з найбольш палкіх прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, прыехаў на акупаваную расейскімі войскамі тэрыторыю Украіны, у так званую «Данецкую народную рэспубліку», створаную за расейскія фінансавыя і чалавечыя рэсурсы. У прыватнасці, Талай сустрэўся з прызначанай расейскімі акупантамі адміністрацыяй горада Валнаваха. Таксама Талай прывёз у самаабвешчаную рэспубліку сцяг СССР як «падарунак».
Аляксей дае інтэрв’ю мясцовым прапагандыстам і заяўляе пра падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну, піша MAYDAY.TEAM.
Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка, якога актыўна некалькі гадоў падтрымлівае паралімпіец, незалежнасці квазідзяржаў «ДНР» і «ЛНР» не прызнаў, толькі заяўляючы гэта на словах. Афіцыйна ж па дакументах Рэспубліка Беларусь прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Поўнамаштабнае ўварванне Расеі на тэрыторыю Украіны пачалося якраз пасля таго, як расейскі прэзідэнт-дыктатар Пуцін прызнаў незалежнасць так званых «народных рэспублік», якія ўжо 8 гадоў знаходзяцца на тэрыторыях, якія ўдалося акупаваць расейскім рэгоулярным часткам і прарасейскім сепаратыстам на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Акрамя таго, у 2014 годзе Расея правяла анэксію ўкраінскага паўвострава Крым.