Хлопец з Воршы, які вучыцца ў школе № 5, паразмаўляў у інтэрнэце з чалавекам, які назваўся яму жыхаром Краснадарскага краю. Хлопец заявіў пра сваю падтрымку Расеі, сказаўшы, што «Расею падтрымлівае ўся сям’я» і многія яго знаёмыя. На сцяне ў хлопца пры гэтым вісеў расейскі імперскі сцяг і ён актыўна выказваўся за аб’яднанне Беларусі і Расеі. Сказаў пры гэтым, што тэмай расейскай «спецаперацыі» яго зацікавіў класны кіраўнік, імя якога ён назваў у эфіры.
Пры гэтым навучэнец назваў шэраг вучняў іншай школы «быдлам», а многіх з тых, хто вучыцца з ім, назваў бязмозглымі.
Цягам усяго эфіру хлопец з Воршы сыпаў расейскімі прапагандысцкімі клішэ, падтрымліваючы пры гэтым ваенныя злачынствы Расеі на ўкраінскай тэрыторыі.
Нагадаем, што Расея з 24 лютага вядзе паўнамаштабную вайну супрць Украіны. Болей за 6 млн чалавек ужо сталі ўцекачамі, звыш 7 млн — унутранымі перасяленцамі. Насуперак заявам маскоўскай прапаганды, якую дублюе прапаганда рэжыму Лукашэнкі, расейцы бамбяць мірныя аб’екты, знішчаючы лякарні, помнікі і жылыя дамы. Пад заваламі гінуць людзі. Пры гэтым праз школы і ўніверсітэты лукашэнкаўскія прапагандысты працягваюць узмоцнена ўплываць на свядомасць падлеткаў і маладых людзей, транслюючы ім хлусню расейскіх дзяржаўных СМІ.