Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1253 чалавекі. Некаторыя з іх адбываюць палітычна матываваныя тэрміны ў Воршы.
Палітвязень Павел Вінаградаў, грамадзчскі дзеяч, асуджаны раней на 5 гадоў пазбаўлення волі, мае праблемы са здароўем. 28 ліпеня Вінаградава перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
13 ліпеня стала вядома, што ў ваўкавыскай калоніі № 11 Вінаградаву зрабілі рэнтген і знайшлі пляму ў лёгкіх. Яго лячылі антыбіётыкамі ў надзеі, што гэта пнеўманія. Таму перавод у Воршу не планавы, а вымушаны.
Праваабаронцы з цэнтру «Вясна» паінфармавалі, што ў турме Вінаградава пазбавілі працяглага спатканьня за сон днём — цяпер палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму».
Адрас палітвязня: ПК № 12, 211381, Віцебская вобласьць, Ворша, вул. Смаленская, 2, Павел Юр’евіч Вінаградаў.
Вінаградаву прысудзілі 5 гадоў турмы за адзін допіс у фэйсбуку, па якім завялі адразу тры крымінальныя справы, па артыкулах: 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), 342- (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 387 (паклёп на Лукашэнку).