Пасля затрымання гульца зборнай Беларусі па хакеі з мячом Уладзіслава Белавусава некуды знік ягоны брат Андрэй. Ён таксама папулярны ТыкТокер, мае 1,8 млн падпісантаў і раней таксама займаўся спортам, нават гуляў з братам за адну каманду.
Цяпер Андрэй Белавусаў таксама апынуўся за кратамі. Ці надоўга — невядома. Сілавікі запісалі «пакаяльнае відэа» з ім, на якім ён робіць «прызнанні» ў тым, што рабіў здымак з бел-чырвона-белым сцягам на пратэстах за грошы. У прававой дзяржаве падобныя «доказы» судом да ўвагі не прымаюцца, а стваральнікі такіх відэа могуць атрымаць турэмны тэрмін за гвалт над затрыманай асобай і нават пагрозу яго ўжывання.
Пра лёс братоў пакуль нічога не вядома, як невядома і тое, што канкрэтна ім пагражае. Канстатаваць можна толькі тое, што для рэжыму Лукашэнкі недатыкальных няма. За краты ўжо адправілі тысячы людзей, многія з якіх, як і браты Белавусавы, не закраналі ў сваіх выказваннях палітыку, не з’яўляліся палітычнымі ці грамадскімі дзеячамі.