Уладзіслаў Белавусаў — прадстаўнік зборнай Беларусі па хакеі з мячом, аршанец адзін з лідэраў сваёй каманды «Менск» і вядучы гулец чэмпіянату. імаверна, калі б не санкцыі ў дачыненні Беларусі, ужо ўлетку Уладзіслаў пакінуў бы радзіму на пэўны час, каб паспрабаваць сілы за мяжой. Таксама Уладзіслаў вядзе папулярны ТыкТок, на якім сабраў 2 мільёны падпісчыкаў.
Маці Уладзіслава вядомая спартоўка, чэмпіёнка краіны па хакеі з мячом. Яна шмат гадоў працуе трэнерам у Воршы.
Напярэдадні Уладзіслава затрымалі нібыта за ўдзел у акцыях пратэсту ўлетку 2020 году. ГУБАЗіК піша, што Белавусава нехта «здаў», скінуўшы сілавікам нейкія відэа, аднак ёсць падазрэнне, што такім чынам лукашэнкаўскія сілавікі хочуць апраўдаць выбіванне інфармацыі незаконным спосабам — катаваннямі. На відэа, знятым імі, аршанец знаходзіцца ў велізарным стрэсе.
Улада Лукашэнкі не лічыцца ні са статусам, ні з узростам, ні са здароўем затрыманых людзей. У турмах сядзяць інваліды, пенсіянеры, непаўналетнія, жанчыны. Што пагражае вядомаму спартоўцу, чэмпіёну Беларусі — пакуль невядома.