Гулец зборнай Беларусі па хакеі на траве Уладзіслаў Белавусаў і ягоны брат, экс-гулец моладзевай зборнай Андрэй Белавусаў, выйшлі на волю, паведамляе канал ЧестнОК. Абодва браты — тыктокеры-мільённікі.
Уладзіслаў быў затрыманы ГУБАЗіК 4 кастрычніка. Знятае з ім відэа было заліта ў ягоны TikTok з 2,1 мільёна падпісчыкаў. На камеру гулец казаў, што адным са сваіх гумарыстычных ролікаў «пакрыўдзіў альбо абразіў супрацоўнікаў міліцыі».
Ягоны малодшы брат Андрэй, быў затрыманы 12 кастрычніка. Пра яго затрыманне стала вядома пасля з’яўлення відэа ў ягоным профілі TikTok, які налічвае 1,8 мільёна падпісчыкаў. У роліках Андрэй, знаходзячыся за кратамі, заяўляў, што ў 2020-м годзе браў удзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Рытарычнае пытанне, ці пачынаюць тысячы годных людзей, якіх незаслужана прыніжалі лукашэнкаўскія сілавікі, ад гэтага больш любіць прамаскоўскі рэжым узурпатара. На адным страху не ўтрымаліся нават магутныя імперыі, што ўжо казаць пра рэжым, які сам кінуў нашу Радзіму на ролю расейскага сатэліта.