У Расеі затрымалі беларускага палітвязня Аляксея Коршуна, які год таму збег з «хіміі». Аляксей — жыхар Воршы, асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі за каментар ва «Укантакце». Пазней мужчына трапіў у спіс амніставаных — яму замянілі калонію на абмежаванне волі («хімію»), піша «Вясна».
Свой тэрмін Коршун адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 3 у Бярозе, аднак у лістападзе 2021 году збег адтуль.
Як піша @horizontal_russia, Коршуну ўдалося збегчы ў Смаленск да сваякоў, затым праваабаронцы дапамаглі яму перабрацца ў Белгарад.
Пасля пачатку вайны Аляксей пераехаў у Варонеж, дзе яго затрымала паліцыя 21 чэрвеня. Мужчыну вывезлі ў Беларусь 26 кастрычніка. На радзіме Коршуну пагражае ад 1 да 3 гадоў турмы за ўцёкі.
Расейская паліцыя неаднаразова затрымлівала людзей, якіх шукае рэжым Лукашэнкі, і выдавала іх назад. Аднак многія беларусы працягваюць і цяпер спадзявацца на тое, што ў Расеі яны здолеюць схавацца. Мноства няўдалых выпадкаў не спыніла спробы ўцёкаў у Расею.