Вядомы сваімі поглядамі грамадскі дзеяч Аляксей Талай сустрэўся з дзецьмі на аршанскім Гарадзішчы. Мерапрыемства ў гонар так званага дня дзяржаўных сімвалаў адбылося 12 траўня пры актыўным удзеле міліцыі і змушаных да прыходу дзяцей.
У міліцыі паведамілі, што «супрацоўнікі органаў унутраных спраў Аршанскага гарнізону перадалі Аляксею Талаю беларускія і савецкія манеты, якія трапяць у сплаў мемарыяльнага знака ў гонар гераічных продкаў, якія набліжалі Дзень Перамогі».
Як вядома, Талай актыўна падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і жорсткія рэпрэсіі супраць беларусаў, калі ягоных суграмадзян пераследуюць за палітычныя погляды і грамадскую пазіцыю. Акрамя таго, Талай быў на акупаваных тэрыторыях Украіны, дзе, выкарыстоўваючы забароненую Украінай і шэрагам іншых дзяржаў савецкую сімволіку, ухваляў дзеянні акупацыйных расейскіх улад. Расейскія ўлады арганізавалі на акупаваных украінскіх тэрыторыях «фільтрацыйныя лагеры» і катавальні, дзе зафіксаваныя на фота і на відэа метады мала чым адрозніваюцца ад метадаў нацыстаў падчас ІІ усясветнай вайны, хоць Талай на словах асуджае нацызм.
Акрамя таго, нядаўна Талая афіцыйна абвінавацілі ў спрыянні расейскім акупантам у выкраданні ўкраінскіх дзяцей-сіротаў. Яны нібыта прывозяцца пад патранатам Талая ў Беларусь у санаторыі, а затым знікаюць у невядомым напрамку. Супраць прарасейскага дзеяча ўжо вядуць расследаванне.