У гэты дзень 509 гадоў таму нашы славутыя продкі ў складзе войска Вялікага княства Літоўскага разьбілі маскоўцаў у Бітве пад Воршай, на рацэ Крапівенцы, што каля вёскі Гацькаўшчына, якая існуе цяпер. 1514 год увайшоў у гісторыю, а перамогу нашых прашчураў радасна віталі ў Еўропе, у Празе зладзілі трохдзённыя святкаванні.
Перамога над Маскоўскім княствам не вярнула нашай дзяржаве Смаленск, але адкінула акупантаў ад Воршы, абараніўшы таксама іншыя рубяжы краіны ад захопу, рабаванняў і здзекаў чужынцаў. Фактычна, абараніла жыццё і спакой тысяч ліцвінаў-беларусаў. Пра гэта варта памятаць сёння, не наракаючы на тое, што ў архітэктуры сучаснай Воршы засталося няшмат сувязяў з мінулымі стагоддзямі. Наша места перажыло шмат ваенных разбурэнняў. Да гэтага спрычыніліся ранейшыя і пазнейшыя (пасля бітвы) набегі Масквы і яе палітыка, прыход іншых акупантаў — нямецкіх нацыстаў у ХХ стагоддзі.
8 верасня — нагода ўспомніць нашых пераможцаў і абаронцаў, тых, хто перажыў усе ліхалецці вайны і тых, хто склаў голаў, змагаючыся за мэту вызваліць наш край ад ворага. Перамога 1514 году — адзін са шматлікіх прыкладаў збройнага і духовага гераізму беларускага народу, які ўшчэнтр разбівае накінутыя пазней стэрэатыпы пра «памяркоўных беларусаў, мірных людзей».
Штогод 8 верасня разам са свядомымі беларусамі перамогу пад Воршай адзначаюць літоўцы, палякі, украінцы — суседнія народы, продкі якіх гэтак жа, як беларусы, спрычыніліся да гераічнага ваеннага чыну.
Віншуем усіх, для каго важныя словы Ворша, Крапіўна і Беларусь! Беражыце свае сем'і, свае прынцыпы і традыцыі, а таксама сябе.
Слава Воршы ўжо не горша!