Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, вядомы праўладны прапагандыст і прыхільнік «русского мира» Вадзім Гігін лічыць, што знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча «не спрыяе фармаванню ў школьнікаў гістарычнай памяці, якая патрэбна ўладам». Менавіта таму ён папрасіў прыбраць «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы.
У перадачы «Скажинемолчи» на БТ ён сказаў так: «Гэта цікавы раман нашага выбітнага класіка Уладзіміра Караткевіча. Але школьная праграма — гэта фармаванне пэўнай гістарычнай памяці».
Раней караткевічавы «Каласы» праходзілі ў 11-м класе, але з гэтага года яго прыбралі з праграмы. У ім расказваецца пра час перад паўстаннем 1863 года, а сярод гістарычных персанажаў згадваюцца Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка.
Нягледзячы на тое, што твор вядомы як «раман» і прадугледжвае тое, што пісьменнік яго прыдумляе, Гігін усё адно здзівіўся, што твор «прыдуманы».
«Там вельмі шмат выдуманага, розныя гістарычныя персанажы паказаныя ва ўспрыняцці нашага выбітнага пісьменніка, але не так, як яны прадстаюць з гістарычных дакументаў».
На якія дакументы спасылаецца Гігін у гэтым кантэксце, няцяжка здагадацца. Як выказнік расейскіх імперскіх поглядаў, ён відавочна мае на ўвазе даклады царскай паліцыі і таму падобныя сведчанні, дзе Кастуся Каліноўскага называюць злачынцам і бандытам, хоць у гістарычнай памяці беларускага народу Каліноўскі — змагар за волю Беларусі і свабоду сялян.
Улады не выкінулі Караткевіча са школьнай праграмы цалкам. «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на «Чорны замак Альшанскі». У ім, паводле прапагандыста-заходнерусіста, «менш гістарычных перакосаў».