Праект BAR24 параўнаў цэны на лекі і сродкі медыцынскага прызначэння ў лістападзе гэтага і мінулага года ў адной з аптэк горада Баранавічы. Хоць гэта не аршанскі рэгіён, але варта ведаць, што ўлады нярэдка ўводзяць дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў, а цэны ў буйных раённых цэнтрах накшталт Баранавічаў і Воршы падобныя. Таму баранавіцкі прыклад будзе актуальным і для аршанцаў.
У спіс параўнання ўвайшлі найбольш папулярныя лекі і медыцынскія тавары, збольшага беларускай вытворчасці. У тройку медпрэпаратаў і вырабаў, што найбольш падаражэлі за год, увайшлі: мукалцін, валідол і вата.
Мукалцін (ва ўпакоўцы 30 таблетак) за год падаражэў у 1,33 разу і каштуе 3 рублі 56 капеек. Валідол за год прыбавіў амаль рубель (або 28%). Звычайная стэрыльная вата за год падаражэла на траціну, дадаўшы ў кошце 71 капейку.
Пры гэтым некаторыя лекі патаннелі. Больш за ўсё «страціла» настойка глогу (50 мл) — мінус 30%. Яна, як вядома, надзвычай папулярная ў алкаголікаў. Цяпер яе кошт — 1 рубель 11 капеек. Значна патаннелі бактэрыцыдны лейкапластыр (мінус 26%) і нестэрылізаваны бінт (мінус 19%).