Уладзімір Пуцін, на якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр і хоча арыштаваць за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, уручыў ордэн Аляксею Талаю — вядомаму прыхільніку «русского мира» з Воршы, аматару Лукашэнкі і сімпатызанту Пуціна.
У пуцінскім указе зазначаецца, што Талай узнагароджаны Ордэнам Дружбы «за заслугі ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтве паміж народамі, плённую дзейнасць па збліжэнні і ўзаемаўзбагачэнні культур нацый і народнасцяў».
Аляксей Талай, які актыўна падтрымаў рэжым Лукашэнкі ў час пратэстаў 2020 году, бярэ актыўны ўдзел са сваім фондам у справе вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Многіх з гэтых дзяцей адарвалі ад бацькоў, братоў і сясцёр, у многіх бацькі загінулі на вайне ад дзеянняў расейскіх акупантаў. Але ордэру супраць Талая Міжнародны крымінальны суд пакуль так і не выдаў.
Матэрыялы пра вываз украінскіх дзяцей з акупавуаных расейцамі земляў падрыхтавалі некалькі міжнародных арганізацый. Яны прадставілі суду сабраныя факты.
Зрэшты, Талай зусім не адмаўляе факту вывазу дзяцей з Украіны, толькі называе гэта не выкраданнем, а «аздараўленчымі паездкамі» і іншымі фармулёўкамі. Таксама ён неаднаразова асабіста наведваў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны.